Беларускія ўлады сцвярджаюць, што міжнародныя санкцыі толькі загартоўваюць эканоміку і робяць краіну мацнейшай. Аляксандр Лукашэнка не раз заяўляў, што абмежаванні не столькі нашкодзілі Беларусі, колькі прынеслі карысць — «змусілі нас развівацца» і выкарыстоўваць «шанцы». Аднак незалежныя эксперты і міжнародныя даследаванні паказваюць іншую карціну: санкцыі для краіны, якая трапіла пад іх, не карысныя, а, наадварот, зніжаюць якасць жыцця, уплываюць на здароўе насельніцтва і аслабляюць сістэму аховы здароўя. А тым самым прыводзяць да пэўнага росту смяротнасці — расказваем пра гэта.
Чаму супраць Беларусі ўвялі санкцыі
Эканамічныя санкцыі — гэта абмежаванні, якія ўводзяць іншыя краіны ў дачыненні да асобных людзей, груп ці ўрадаў канкрэтных дзяржаваў, кажуць даследчыкі. Гэтыя санкцыі негатыўна ўплываюць на эканоміку краін і могуць таксама абмяжоўваць доступ людзей да паслуг аховы здароўя ў якасці пабочнага эфекту.
Міжнародныя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі сталі рэакцыяй на падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія краіны ЕС, ЗША і шэраг іншых прызналі несвабоднымі і сфальсіфікаванымі. Санкцыі ўвялі праз гвалт, які ўлады выкарыстоўвалі супраць пратэстоўцаў, праз рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных СМІ і праваабаронцаў, праз перахоп і прымусовую пасадку самалёта Ryanair у 2021 годзе, а таксама праз тое, што Лукашэнка і ягоны ўрад падтрымліваюць Расію ў вайне супраць Украіны. Пад абмежаванні трапілі чыноўнікі, дзяржаўныя прадпрыемствы, банкі і цэлыя галіны эканомікі.
— Еўрапейскі саюз увёў санкцыі супраць Беларусі ў адказ на фальсіфікацыю выбараў 2020 года, рэпрэсіі, парушэнні правоў чалавека і суўдзел краіны ў ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, — тлумачыцца на сайце Рады ЕС.
На сайце Мінфіна ЗША таксама адзначаецца, што меры скіраваныя на асоб, адказных за падрыў дэмакратычных працэсаў у Беларусі або тых, хто ў гэтым удзельнічаў.
Як санкцыі падаюць беларускія чыноўнікі
Тым часам беларускія ўлады, кажучы пра санкцыі, падаюць іх не як адказ на неправамерныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі, а як інструмент, які выкарыстоўваецца Захадам, каб «хутка паставіць Беларусь і Расію на калені». Пры гэтым звычайна сцвярджаюць, што абмежаванні не наносяць моцнай шкоды.
— Ужо даўно час зразумець, палітыка санкцыйнага прымусу робіць нас толькі мацнейшымі. А ў свеце ёсць вялікая колькасць краін, якія гатовыя з намі не толькі працаваць, але і развіваць партнёрскія, дружалюбныя, саюзніцкія, узаемавыгадныя адносіны, — лічыць Лукашэнка.
Пра гэта ж пастаянна гавораць у дзяржСМІ і праўладныя прапагандысты. Напрыклад, «палітолаг з ЗША» Стыў Самарын запэўнівае, што ўвядзеннем санкцый і закрыццём межаў заходнія краіны караюць толькі самі сябе. «Яны <…> стрэлілі сабе ў нагу і будуць кульгаць. <…> Беларусь як развівалася, так і развіваецца. Ні санкцыі, ні штосьці іншае не зломіць волю беларускага народа. Усё будзе добра. Так яно і цяпер», — заявіў прапагандыст у каментары БЕЛТА.
А цяперашні кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка, яшчэ калі быў прэм’ер-міністрам, прызнаваў, што санкцыі б’юць па грамадзянах, аднак бачыў у іх толькі фінансавы эфект і запэўніваў, што ўлады Беларусі «ў стане абараніць людзей і прадпрыемствы».
Нягледзячы на заявы, нібыта ўсё пад кантролем, Беларусь сутыкнулася з праблемамі не толькі ў эканоміцы, але і ў ахове здароўя. Напрыклад, узніклі праблемы з пастаўкамі лекаў і медыцынскага абсталявання, хоць заходнія краіны не ўводзілі ў дачыненні да Мінска абмежаванняў, якія непасрэдна датычаць медыцыны.
Беларускія прадпрыемствы сцвярджаюць, што ствараюць аналагі некаторых лекаў, якія аказаліся недаступнымі, аднак раней мы ўжо расказвалі, што ў джэнэрыкаў больш пабочных эфектаў, няма міжнародных сертыфікатаў якасці, і насельніцтва аддае перавагу таму, каб шукаць арыгінальныя прэпараты.
Ці такія бяскрыўдныя санкцыі насамрэч і як яны ўплываюць на здароўе людзей?
Тым часам новае даследаванне, апублікаванае ў часопісе The Lancet, паказвае, што санкцыі, асабліва аднабаковыя (то-бок не міжнародныя, а ўведзеныя толькі адной дзяржавай), павышаюць смяротнасць у краінах, у дачыненні да якіх яны ўведзеныя.
— Вынікі паказваюць, што аднабаковыя і эканамічныя санкцыі, асабліва ўведзеныя ЗША, прыводзяць да значнага росту смяротнасці, непрапарцыйна моцна закранаючы дзяцей, малодшых за пяць гадоў, — кажуць даследнікі.
Навукоўцы прааналізавалі звесткі пра 152 краіны за 1971−2021 гады, супаставіўшы эпізоды ўвядзення санкцый з узроставымі паказчыкамі смяротнасці. Яны высветлілі, што негатыўнае ўздзеянне на стан здароўя насельніцтва супастаўнае маштабамі з наступствамі ўзброеных канфліктаў.
Паводле атрыманых звестак, аднабаковыя санкцыі ў сярэднім штогод прыводзілі да прыкладна 564 000 лішніх смерцяў у краінах, на якія яны былі накладзеныя. Кожны год толькі праз санкцыі ў гэтых краінах памірала дадаткова 0,02% насельніцтва.
Чаму так адбываецца?
1. Разбурэнне сістэмы аховы здароўя.
Санкцыі скарачаюць даходы дзяржавы — напрыклад, ад экспарту калійных угнаенняў або іншых тавараў. У выніку ва ўрада проста не хапае грошай на ўтрыманне бальніц, зарплаты медыкам і закупку абсталявання.
2. Недахоп жыццёва важных тавараў.
Краіна пад санкцыямі часта адчувае цяжкасці з імпартам праз недахоп замежнай валюты і таму, што замежныя пастаўшчыкі проста адмаўляюцца з ёй супрацоўнічаць, каб унікнуць праблем з законам. У выніку ўзнікаюць праблемы з закупкай замежных:
- лекаў і медыцынскіх матэрыялаў;
- медыцынскага абсталявання і запчастак;
- прадуктаў харчавання (некаторыя могуць быць крытычныя для дзяцей).
3. Цяжкасці з атрыманнем гуманітарнай дапамогі.
Нават калі фармальна гуманітарныя тавары не пад санкцыямі, банкі і кампаніі баяцца выпадкова парушыць абмежаванні. Яны проста адмаўляюцца праводзіць любыя транзакцыі з краінай пад санкцыямі — і міжнародныя арганізацыі не могуць даставіць дапамогу.
Санкцыі запускаюць ланцуговую рэакцыю, якая б’е па самых уразлівых — у прыватнасці, маленькіх дзецях, якія мацней за ўсіх пакутуюць ад недаядання, інфекцый і адсутнасці меддапамогі, а таксама па пажылых і людзях з хранічнымі захворваннямі. Гэта і прыводзіць да павышэння смяротнасці.
Іншыя даследаванні на гэтую тэму таксама сведчаць, што эканамічныя санкцыі вельмі негатыўна ўплываюць на ўсе аспекты сістэмы аховы здароўя, а асабліва на доступ да медыцынскай дапамогі, лекаў, на стан інфраструктуры.
Прыклады іншых краін, якія знаходзяцца, як і Беларусь, пад санкцыямі, таксама паказваюць, што эканоміка і ахова здароўя слабеюць у сітуацыі абмежаванняў.
Напрыклад, у Іране якасць жыцця насельніцтва знізілася па 11 паказчыках, а па чатырох з іх пагаршэнне было значным, сведчыць даследаванне.
— Акрамя таго, пяць паказчыкаў прадэманстравалі значны рост у перыяд дзеяння санкцый: доля асабістых выдаткаў на ахову здароўя, на прадукты харчавання, а таксама ўзровень смяротнасці ад хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх (ХАХЛ), таласеміі (спадчыннае захворванне крыві. — Заўв. рэд) і гіпертаніі, — кажуць навукоўцы.
Пацыенты называлі даступнасць, кошт і якасць лекаў і медыцынскіх паслуг асноўнымі праблемнымі фактарамі, якія падрывалі здароўе насельніцтва.
У сваю чаргу, у афрыканскіх краінах праз санкцыі абвастраецца сітуацыя з харчовай бяспекай, адзначае эксперт па гандлі і палітыцы ў аграхарчовым сектары Універсітэта Гуэлфа (Антарыё, Канада) Сільванус Кваку Афесаргбор. А якасць харчавання нацыі непасрэдна ўплывае на здароўе і працягласць жыцця.
— Калі дзейнічаюць санкцыі, цэны на прадукты харчавання павышаюцца прыкладна на 1,2 працэнтнага пункта ў параўнанні з перыядамі без санкцый. На першы погляд гэта можа падацца невялікім, але ў краінах з нізкім узроўнем даходу, дзе сем'і выдаткоўваюць палову свайго даходу на ежу, нават невялікае павышэнне робіць жыццё цяжэйшым, — кажа ён.
Эксперт дадае, што ўзровень недаядання ўзрастае на два працэнтныя пункты ў перыяд дзеяння санкцый. Паводле яго, для краін, дзе мільёны людзей ужо і так жывуць на мяжы голаду, гэта велізарная дадатковая нагрузка.
Яшчэ адзін прыклад — на Кубе спалучэнне эканамічнага спаду (з 1989 года) і ўзмацнення эмбарга ЗША (з 1992 года) прывяло да зніжэння ўзроўню харчавання, росту інфекцыйных захворванняў і пагаршэння інфраструктуры аховы здароўя.
У Венесуэле падзенне нафтавых даходаў, пагоршанае санкцыямі, выклікала харчовы крызіс: даступнасць прадуктаў знізілася, а колькасць людзей, якія пакутуюць ад недаядання, рэзка вырасла, сведчыць даклад ААН.
Такім чынам, санкцыі могуць уплываць на здароўе насельніцтва як наўпрост, так і ўскосна — праз рост цэн, скарачэнне вытворчасці, дэфіцыт валюты і абмежаванне замежнаэканамічных сувязяў. У той жа час дакладны эфект складана ацаніць, бо іх уводзяць супраць краін з ужо наяўнымі праблемамі і аўтарытарнай палітыкай. У выніку санкцыі хутчэй агаляюць і ўзмацняюць унутраныя слабасці дзяржавы, чым становяцца адзінай прычынай пагаршэння жыцця людзей.
Рыторыка Лукашэнкі і чыноўнікаў («вінаваты Захад, але мы моцныя і ўсё вытрымаем») — гэта класічны прыклад таго, што апісваецца ў адным з даследаванняў прапаганды ў аўтарытарных дзяржавах падчас сусветных крызісаў: выкарыстанне жорсткіх словаў, апраўданне цяжкасцяў замежнай пагрозай і апеляцыя да нацыянальнага гонару, каб падтрымліваць унутраную легітымнасць без рэальных дзеянняў.
Навукоўцы высветлілі, што людзі ўхваляюць такую «паказную рашучасць» — расплывістыя, але гучныя пагрозы, якія не вядуць да дзеянняў. То-бок жорсткая рыторыка сама па сабе можа павысіць падтрымку ўладаў. Тое ж адбываецца, калі адсутнасць выніку тлумачаць ахвярамі дзеля поспеху ў будучыні ці кажуць пра несправядлівасць з боку іншых краін. Такое інфармаванне (і дэзінфармаванне) грамадзян з мэтай прымусіць іх паверыць у непахіснасць аўтарытарнай улады — адна з асноўных задач любога тырана, адзначаюць эксперты.
Хаця гэты тэкст напісаны на аснове аўтарытэтных медыцынскіх крыніц, яго нельга прыраўноўваць да кансультацыі медыка. У кожнага чалавека ёсць свае асаблівасці, таму заўсёды варта кансультавацца з прафесіяналам, якому вы давяраеце.












